Біяграфія

6 жніўня 1965 – нарадзіўся ў мястэчку Бобр Менскай вобласці, Беларусь.

1978–1983 – вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце імя Ахрэмчыка ў класе Пятра Шарыпы.

Пачатак творчага шляху мастака.

1983–1990 – вучыўся ў Акадэміі мастацтваў (у той час БДТМІ). 

1984–1986 – падчас вучобы прызваны ў войска, служыў у Афганістане. Пасля двух гадоў службы аднавіўся на другім курсе БДТМІ.

Я быў савецкім акупантам з 1984 па 1986 год у Рэспубліцы Афганістан у складзе 181 палка верталётнай эскадрыллі.

[З пратаколу допыту на судзе, 2022]

З 1986 года рэгулярна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх штогадовых выставах у Палацы Мастацтваў у Менску.

1988 год – бярэ актыўны ўдзел у студэнцкім руху. 30 кастрычніка адбылася акцыя Дзяды-88, якая стала першым у найноўшай гісторыі Беларусі масавым антысавецкім мітынгам. За два дні да гэтага Пушкіна затрымалі за распаўсюджанне інфармацыі аб гэтай акцыі.  У гэтым жа годзе ўзяў удзел у Другім Вальным Сойме Маладзёвых Беларускіх Суполак у Вільні.

25 сакавіка 1989 – арт-маніфест, прысвечаны 71-й гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Быў арыштаваны разам з астатнімі ўдзельнікамі (каля 130 чалавек). Асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна і пяць гадоў пазбаўлення правоў.

1990 – дыпломная работа: манументальны роспіс «Гісторыя сваёй школы» ў фае Школы-інтэрната імя Ахрэмчыка. Карціна займае плошчу 215 м2.

1990–1997 – Віцебскі перыяд у творчасці мастака.

Я цяпер “Пушкін з Віцебска”. Дзе б я ні быў, я адусюль вярнуся сюды. І заўсёды тут будуць мае сімвалы – леў, змяя і дэвіз «Contra spem spero” (“Спадзяюся насуперак спадзяванню”).

1991 – уступіў ў Беларускі саюз мастакоў.

1992–1996 – рэстаўрацыя Кафедральнага касцёла ў Магілёве.

1994 – браў удзел у пастаноўцы спектакля «Кароль Лір» (сцэнаграфія, касцюмы, паліграфія) у Тэатры імя Я. Коласа (Віцебск). Пушкіна перыядычна запрашалі працаваць над тэатральнымі пастаноўкамі ў якасці мастака сцэны і касцюма.

23 сакавіка 1993 – у Віцебску адкрылася адна з першых у Беларусі прыватных галерэй мастацтва «У Пушкіна». Галерэя існавала да 1997 года.

1995 – 1998 – роспіс бобрскай праваслаўнай царквы св. Міколы Цудатворцы.

1999 – стаў лаўрэатам другой Нацыянальнай прэміі «Хартыя '97» у галіне абароны правоў чалавека ў намінацыі «За мужнасць у мастацтве».

21 ліпеня 1999 – гучны перфоманс «Падарунак прэзідэнту», за які мастак быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі ўмоўна.

– ...перформансы – гэта рэакцыя мастака... на тое, што сёньня адбываецца. Гэта спроба ў нейкай мастацкай форме, шляхам нейкіх незразумелых, лагічна невытлумачальных, містычных дзеяў, – як вуду, як юрод, – гэтыя падзеі шматзначна паказаць...

2007 – рэжысёр Анджэй Фідык зняў дакументальны фільм пра жыццё і творчасць Алеся Пушкіна «Беларускі вальс».

2016 – у Познані прайшла выстава «Нацыянальна-радыкальны Алесь Пушкін». Да выставы быў падрыхтаваны альбом «Narodowo-radykalny – Alexander Pushkin».

2019 – узнагароджаны медалём “100 гадоў БНР” Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

2021 – на выставе ў «Цэнтры гарадскога жыцця» ў Горадні аўтар экспанаваў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць Алеся Пушкіна «за рэабілітацыю нацызму».

30.03.2021 – нягледзячы на крымінальную справу мастак вярнуўся з Кіева, дзе ў яго была выстава. У Беларусі яго затрымалі, а праз год асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.

11.07.2023 – мастак-палітвязень Алесь Пушкін памёр праз неаказанне медычнай дапамогі ў Гарадзенскай турме.

– Ад сказанага не адмаўляюся. Але цяпер многае змянілася, і я за тое, каб Беларусь была з’яднанымі штатамі Еўропы. Няхай чэчэнцы цыгарэты прадаюць, няхай яўрэі бароды голяць і гандлююць, няхай камуністы свае погляды адстойваюць, няхай гомасексуалісты жывуць, як хочуць… А яшчэ я хачу, каб ўсе канфлікты вырашаліся мірным шляхам: словы, дэбаты, выставы, акцыі. Але каб ніколі не стралялі. У мяне ёсць работа, якую я намаляваў сваёй крывёй. Дык вось, назва яе “З мінулага”. Гэта да таго, каб кроў засталася толькі ў мінулым.

[з “Віцебскага дасье“, 2006]